Карункі маіх пачуццяў

Пад такой назвай у Пружанскім палацыку адкрылася выстава выцінанак Народнага майстра Беларусі Наталлі Кулецкай.

Выцінанка — гэта від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які прадстаўляе сабой стварэнне выразаных ажурных карункаў на паперы. У Беларусі ў XIX — першай палове XX стагоддзяў выцінанкамі ўпрыгожвалі вокны, сцены, паліцы, столь і покуць, аздаблялі абразы.

У 2024 годзе Міжурадавы камітэт ЮНЕСКА ўключыў беларускую выцінанку ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Наталля Кулецкая — таленавітая беларуская майстрыха, якая ўнесла значны ўклад у развіццё і папулярызацыю мастацтва выцінанкі. Яе працы ўражваюць тонкасцю выканання, багаццем узораў і глыбінёй нацыянальнага каларыту. Дзякуючы свайму майстэрству і адданасці традыцыі, яна стала адным з галоўных захавальнікаў гэтага ўнікальнага віду дэкаратыўнага мастацтва.

Шлях Наталлі Кулецкай у свет выцінанкі пачаўся ў 2002 годзе. Першыя спробы былі не вельмі ўдалымі, але настойлівасць прывяла яе да поспеху.

З цягам часу працы Наталлі атрымалі шырокую вядомасць. У 2019 годзе яна стала лаўрэатам Гран-пры міжнароднага фестывалю «Славянскі базар» у Віцебску, прадставіўшы калекцыю выцінанкі «Народныя танцы».

Сёння Наталля Міхайлаўна стварае розныя вырабы: фіранкі на вокны, карункі для ўпрыгожвання паліц, рамак з фатаграфіямі, абразоў, сурвэткі, ручнікі, жаночыя ўпрыгожванні, магніты, паштоўкі, сувеніры, актыўна прымае ўдзел у розных конкурсах і выставах.

Нягледзячы на ​​насычаную творчую дзейнасць Наталля Кулецкая працягвае працаваць педагогам-дэфектолагам у Косаўскім дзіцячым садку. Яна ўкараняе выцінанку ў адукацыйны працэс, распрацоўваючы аўтарскія праграмы для дзяцей. Сярод іх — электронны дапаможнік, створаны на аснове казкі «Як курачка пеўня ратавала», які атрымаў высокую адзнаку на рэспубліканскім конкурсе «Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі».

На выставе «Карункі маіх пачуццяў», якая будзе працаваць у палацыку да 24 красавіка, прадстаўлена 60 работ Наталлі Кулецкай.

Добавить комментарий