Штогод першага кастрычніка адзначаецца Дзень нараджэння паштовай карткі. Нягледзячы на тое, што такая друкаваная прадукцыя практычна выйшла з ужытку людзей, дата адзначаецца ва ўсім свеце. Бо зусім нядаўна на кожнае свята мільёны сем’яў атрымлівалі дзясяткі прыгожых картак з тэматычнымі малюнкамі, на адваротным баку якіх былі напісаны віншаванні і пажаданні.
Свята было заснавана з нагоды выхаду ў свет першай карэспандэнцкай карткі ў 1869 г. Паштовай карткай лічыўся «адкрыты ліст» памерам 9 на 14 сантыметраў, які на адным баку меў выяву горада, славутасці ці рамантычнае пасланне, а на другім — адрас, марку і віншаванне са святам у дваццаць слоў.
У паштовай карткі было тры дні нараджэння, але першыя два разы яе стварэнне ніхто не зацвердзіў, бо лічылася недазвольным дасылаць адкрыты ліст. Пазней яе ўсё ж зацвердзілі, і першая паштоўка ўбачыла свет у 1872 г. У той час існавала традыцыя, пры якой турысты дасылалі паштоўкі з гарадоў, у якіх пабывалі. Такім чынам, кожны, праз каго праходзіла паштовае пасланне, мог таксама ўбачыць славутасці і віды гарадоў, дзе пабываў падарожнік.
З цягам часу паштовыя карткі сталі галоўным атрыбутам шматлікіх свят. Сёння тэматыка паштовак вельмі разнастайная, яны могуць быць розных памераў і фарматаў, з вершамі, жартаўлівымі тэкстамі, малюнкамі, фотаздымкамі і т.д. Існуе нават асобная супольнасць аматараў і збіральнікаў паштовых картак — посткросеры. Мэта праекта «Посткросінг» — аб’яднаць гарады і краіны за кошт абмену паштоўкамі з выпадковымі членамі супольнасці па ўсім свеце. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца рарытэтныя паштоўкі.
“Пружанскі палацык” таксама збірае паштовкі. У фондах музея захоўваецца больш за 600 паштовак рознага часу і перыяду. А найбольшую каштоўнасць уяўляюць карткі з выявай нашага горада.