28 ліпеня спаўняецца 210 год з дня нараджэння Юзафа Ігнацы Крашэўскага, дзяцінства якога прайшло ў вёсцы Доўгае на Пружаншчыне. З гэтай нагоды брэсцкія мастакі Сяргей Казак і Ігар Раманчук падаравалі палацыку два партрэты Крашэўскага, якія папоўнілі музейную калекцыю, прысвечаную знакамітасці.
Юзаф Ігнацы Крашэўскі быў неверагодна пладавітым польскамоўным пісьменнікам. За сваё жыццё ён напісаў больш за 220 раманаў, каля 150 апавяданняў, навэл і замалёвак. І гэта далёка не ўся яго літаратурная спадчына. З-пад пяра Крашэўскага выйшлі драматургічныя творы, кнігі з нататкамі пра падарожжы і ўспаміны, публіцыстыка, больш за 20 навуковых прац па гісторыі Польшчы і Літвы, літаратуры і культуры, мовазнаўстве і этнаграфіі, зборнікі паэзіі, пераклады твораў замежных аўтараў з пяці моў (англійскай, французскай, латыні, нямецкай і італьянскай) — усяго больш за 600 тамоў.
Акрамя таго, Юзаф Ігнацы быў мастаком, кампазітарам, археолагам, сур’ёзным калекцыянерам гравюр, малюнкаў, медалёў і графікі.
«Я быццам не літаратар і не мастак, хоць пішу шмат і люблю прыгажосць, я чалавек свайго стагоддзя і сын свайго народа», — пісаў Крашэўскі пра сябе.
Кожнага, хто хоча пазнаёміцца з творчасцю знакамітага земляка, запрашаем наведаць выставу “З Доўгага – у свет”, якая працуе ў палацыку.