Пра сайт музея ў радыёэфіры!
25 лістапада 2008 ў эфіры "Радыё Рацыя" прагучаў аналітычны матэрыял пра сайт музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. Супарцоўнікі музея выказваюць шчырую падзяку рэдакцыі "Радыё Рацыя" за ўвагу да праблематыкі інфарматызацыі ўстаноў культуры Беларусі, у прыватнасці музея-сядзібы "Пружанскi палацык". Да матэрыялу хацелася б дадаць трохі важнай, на наш погляд, інфармацыі. Упершыню палацык з'явіўся ў Сеціве ў 2001 годзе - гэта быў невялічкі раздзел на сайце жыхара г.Кіева, нашага земляка, Аляксандра Фадзеева, дзе расказвалася што ёсць такі музей- палацык, што там можна пабачыць, а што пакуль не. У 2002 годзе намаганнямі супрацоўнікаў музея пры тэхнічнай падтрымцы спецыялістаў рэсурснага цэнтра пры аддзеле адукацыі(РЦССН) Бегера Мікалая і Дубінчука Мікалая з'явіўся асабісты сайт музея зроблены на расейскім серверы by.ru. Але і гэты сайт доўга не праіснаваў. Ужо ў 2003 годзе, зноў жа, з дапамогай супрацоўнікаў рэсурснага цэнтра быў створаны новы сайт, у новым фармаце і на новай пляцоўцы з асабістым даменам: http://museum.pruzhany.com. З таго часу – гэта пастаяннае даменнае імя музея. Сайт працаваў, раз-параз з невялікімі перапынкамі, патрохі разрастаўся. У кастрычніку 2007 года сайт выйшаў у новым выглядзе і дагэтуль застаецца нязменным у новай абалонке. На ім з’явіліся новыя раздзелы, дапоўніліся і пашырыліся ранейшыя. Было ўдакладнена шмат інфармацыі, якая датычыцца гісторыі сядзібы. Праца над сайтам працягваецца. У бліжэйшы час плануецца дапоўніць пустуючыя раздзелы і дадаць шмат новых матэрыялаў. Напрыканцы хацелася дадаць, што ўся інфармацыйная работа над сайтам праводзіцца толькі аднім чалавекам – дырэктарам музея Юрыем Зялевічам, пад патранажам і тэхнічнай падтрымкай супрацоўнікаў РЦССН, і з’яўляецца асабістай ініцыятывай усіх гэтых людзей. З сёнешняй нагоды гэтага артыкула змяшчаем яшчэ матэрыялы па мерапрыемствах і выставах, якія адбыліся на працягу кастрычніка-лістапада бягучага года. p.s.: асабісты ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ краязнаўцу і радыёаматару з Зеляневічаў Міколу Волчаку, які давёў да нас інфармацыю пра рэпартаж. У Пружане ж вална "Рацыі" ловіцца вельмі цяжка – усё залежыць ад прыродных умоў.