Сённяшняя гаворка пойдзе пра арыфмометр “Фелікс-М”, які захоўваецца ў фондах палацыка.
“Фелікс-М” — самы распаўсюджаны арыфмометр, што выпускаўся ў СССР. Ён уяўляе сабою складаную механічную прыладу з ручным прывадам, якая можа выконваць чатыры дзеянні: складанне, адніманне, множанне і дзяленне.
Што цікава, “Фелікс” дазваляе працаваць з лічбамі не больш як да дзевяці знакаў. Ёсць і іншыя абмежаванні: вынікі складання, аднімання і множання не павінны перавышаць 13 знакаў, дзялення — 8. Пры перапаўненні лічыльніка выніку ці атрыманні адмоўнага ліку гучыць званок. А гэта значыць, што патрабуецца адмяніць аперацыю.
У стальны асноўны корпус арыфмометра ўманціравана ўсяго сем механізмаў. Дзякуючы такой дастаткова простай каструкцыі, арыфмометры рэдка выходзілі са строю. Наш “Фелікс” шэра-зялёнага колеру быў выраблены ў 1973 г. на заводзе “Счетмаш” у г. Курску.
Папярэднікам “Фелікса” лічыцца арыфмометр, прыдуманы шведска-рускім механікам Вільгодтам Однэрам. Яго выраблялі ў г. Санкт-Пецярбург з 1890 па 1918 гг. Наватарствам у канструкцыі было так званае кола Однэра — рухомы дыск з рычажкамі і штыркамі. Згаданы арыфмометр, як і “Фелікс-М”, выконваў чатыры аперацыі.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі спадчыннікі Однэра вярнуліся ў Швецыю, і вылічальнік пачалі вырабляць пад маркай “Original-Odhner”. У 1924 г. пецярбургскі завод быў перавезены ў Маскву, і там арыфмометр стаў “Феліксам”. Сваю назву ён атрымаў у гонар савецкага палітычнага дзеяча Фелікса Дзяржынскага.
Вырабам “Феліксаў” займаліся заводы вылічальных машын у Курску, Пензе і Маскве. З 1929 па 1978 гг. было выпушчана некалькі мільёнаў арыфмометраў. Дзякуючы параўнальна невялікаму кошту (у 1970-я гг. — да 15 рублёў), “Фелікс” быў досыць папулярным. Гэтай прыладай вучылі карыстацца нават школьнікаў.
Са з’яўленнем клавішных вылічыльных машын попыт на арыфмометры пайшоў на спад, а ў далейшым вытворчасць “Феліксаў” прыпынілася.