Сёння мы раскажам пра музычны інструмент — камертон.
Камертон (ад ням. — «пакаёвы гук») ужываецца для наладкі музычных інструментаў, харыстаў, а таксама выкарыстоўваецца для апрацоўкі каменя і іншых матэрыялаў за кошт вібрацый пэўнай частаты гуку. Існуюць механічныя, акустычныя і электронныя камертоны.
Гісторыя камертона пачынаецца ў 1711 г., калі прыдворны трубач англійскай каралевы Ганны Сцюарт Джон Шор вынайшаў неабходны ўсім музыкам і наладчыкам музычных інструментаў няхітры прадмет і назваў яго камертонам.
Калі стукнуць па камертоне, яго зубцы пачынаюць вібрыраваць і раздаецца гук, які служыць эталонам вышыні пры наладцы музычных інструментаў і ў спевах. Камертон, вынайдзены Шорам, даваў 419 вібрацый у секунду. У канцы ХVІІІ ст. па ініцыятыве кампазітара і дырыжора Джузэпэ Сарта ў Расіі быў уведзены «Пецярбургскі камертон» з частатой 436 Гц. У 1858 г. Парыжская акадэмія навук прапанавала так званы «нармальны камертон» з частатой вібрацый 435 Гц. Сёння самы распаўсюджаны камертон выдае гук “ля” 1-й актавы частатой 440 Гц.
У нашы дні сімфанічныя аркестры рэдка карыстаюцца камертонам, там ролю “наладчыка гука” выконвае драўляны духавы інструмент габой, паколькі ў сілу яго канструкцыі на яго музычны лад не ўплываюць тэмпературныя ўмовы і яго нота “ля” заўсёды ўстойлівая. Калі з аркестрам іграе раяль, то усе інструменты аркестра наладжваюць ўжо па раялі. А вось сам раяль — па камертоне.
Звычайна, каб узмацніць гучанне камертона, яго ўсталёўваюць на рэзанатары — адкрытай з аднаго боку драўлянай платформе. На падстаўцы нашага камертона стаяць фабрычнае кляймо “ЛЯ/440” і абрэвіатура завода “ЗИП” (завод імя П. Пастышава).