Анлайн-праект «Што раскажа экспанат»

Сёння мы раскажам пра дубовы стол першай паловы ХХ ст., які ў этнаграфічнай экспазіцыі музея займае цэнтральнае месца. І гэта невыпадкова.

Стол у беларускай хаце раней амаль заўсёды быў самаробны. Часцей за ўсё выраблялі з дуба, часам – з сасны ці ліпы. Звычайна стол стаяў нічым не пакрыты, абрус на яго засцілалі толькі ў святы. Калі ў хату завітаў госць не ў святочны дзень, стол пакрываўся ручніком, а госця  саджалі ў кут пад абразы.

Стол лічыўся амаль свяшчэнным, бо верылі, што праз стол, які ставіўся ў чырвоны кут, наладжваецца сувязь з Богам і небам. Святасць стала вызначалася яшчэ тым, што на яго клалі самае дарагое – хлеб, ставілі свянцоныя свечкі, святую ваду і інш. У той час на стол ніколі не клалі шапку, ключы, сумку ці нож.

Прыбіраючы стол, нельга было голай рукой або паперай згортваць крошкі, толькі анучай. Таксама на стол нельга было дапускаць кошку ці дзіця, якое поўзае. Нельга было і даросламу сядзець на стале. Выключэнне рабілася для нябожчыка, якога звычайна клалі на стол у чырвоным куце. За памінальны стол заходзілі супраць руху сонца, а выходзілі па сонцы. Гэта азначала надзею, што ў хаце жыццё будзе доўгім і працяглым.

У час вяселля маладыя тры разы абыходзілі са сватам вакол стала.

У народным этыкеце існавала правіла: у выхадныя дні і ў вялікае свята катэгарычна забаранялася хадзіць да суседзяў у пазыкі. Калі да вас усё ж прыйшлі ў такі дзень, то ні ў якім разе нельга даваць рэч з рук у рукі, а толькі праз стол. Такім чынам, стол быў ахоўнікам ад злых духаў, якія, магчыма, хацеў наслаць на вас нядобры чалавек.

Добавить комментарий