Майстар чорнай керамікі

Сёлета споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Антона Рыгоравіча Такарэўскага (1904–1984) — вядомага беларускага майстра чорнай керамікі, а 10 кастрычніка — 40 гадоў з дня яго смерці.

Пружаны здаўна славіліся ганчарамі. І гэта нездарма, бо ў наваколлі горада — невычэрпныя запасы высакаякаснай гліны. Таму не дзіўна, што тут заўсёды была развіта менавіта ганчарная справа, якой займаліся ледзь не ў кожнай хаце. У тутэйшых краях здаўна выраблялі чорнаглянцавы задымлены ганчарны посуд, які адрозніваўся асаблівай прыгажосцю і трываласцю.

У пачатку ХХ стагоддзя ў Пружанах налічвалася каля ста двароў, дзе жылі ганчары. Існавала нават вуліца, якая называлася Ганчарная. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Пружанах арганізавалі ганчарную арцель, якая выпускала збаны і вазоны для кветак. Спрабавалі наладзіць і вытворчасць кафлі. Але праца не пайшла і арцель распалася. Традыцыйны ганчарны промысел таксама неўзабаве спыніў сваё існаванне: ганчарам было прапанавана набыць патэнт на права надомнай працы і продажу сваіх вырабаў па такой высокай цане, што яны былі вымушаны адмовіцца ад яго і заняцца іншай справай. Так загас адзін з самых старажытных промыслаў, і памяць пра яго паступова згубілася б, калі б не адданасць любімаму рамяству лепшага з мясцовых майстроў — Антона Такарэўскага.

Доўгія гады майстар правёў у штодзённай працы. Перш чым прыступіць да вырабу посуду, ганчар спачатку рыхтаваў глінянае цеста для фармоўкі. Затым тачыў гаршчкі на нажным ганчарным крузе. Пасля, даўшы вырабу злёгку падсохнуць, адпаліраваным крэменем прачэрчваў арнамент. Камбінуючы спалучэнне простых матываў — ёлачку, сетку, прамыя лініі, няроўныя завіткі, майстар адводзіў арнаменту вялікую ролю. “Мне здаецца – завяжы мне вочы, а я ўсё роўна ведаю, што і як трэба рабіць”, — гаварыў Антон Рыгоравіч.

Затым майстар сушыў і абпальваў посуд. Пасля вёз свае вырабы на базар ўласным кані, запрэжаным у калёсы. Сценкі воза былі сплецены з вярбовых дубцоў накшталт кошыка – каб не пабіць далікатны тавар. Дзякуючы яму Такарэўскі быў вядомы на ўсю акругу — яго посуд быў прыгожы і трывалы. “А як жа інакш? — дзівіўся сам майстар. — Трэба, каб посуд выгляд меў, і моц, і абпал добры. Калі раз зробіш дрэнна — не прадасі, ды і слава худая пойдзе”.

А потым — зноў пара нарыхтовак: ехаць у лес па дровы для абпалу і па гліну. А яна для кожнай мэты розная. Для чорнай керамікі патрэбна гліна тоўстая, яе здабывалі на гары. Для светлай — худая, за ёй ездзілі на балота.

Горка ўсведамляць, што ў гэтага цудоўнага майстра не было вучняў, якім ён мог бы перадаць сваё майстэрства. І ён сам гаварыў пра гэта з вялікім шкадаваннем. Сёння ганчарны посуд Такарэўскага захоўваецца ў многіх беларускіх музеях, у тым ліку і ў Пружанскім палацыку. І кожная сустрэча з посудам майстра нясе жыхарам вялікіх гарадоў, якія амаль страцілі уяўленне пра сялянскі побыт, такую ж радасць, якую адчувала сялянка, з задавальненнем купляючы ў майстра новы гаршчок. І ў гэтым — жывая сувязь часоў…

Добавить комментарий