Падарунак для музея

Прачытаўшы артыкул пра свайго бацьку, скульптара Івана Васільевіча Хоміча з Брадоў, Вольга і Іван вырашылі зрабіць палацыку нечаканы і каштоўны падарунак – скульптуру “Смутак”, якую ў 1971 г. вырабіў з дрэва Іван Хоміч.

Усё жыццё Іван Васільевіч працаваў у станкавай скульптуры. У яго творчасці выразна прасочваецца зварот да жаночага вобразу. Скульптар лічыў, што жаночы твар па-асабліваму перадае ўсе эмоцыі і перажыванні.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны Іван Хоміч жыў з маці ў акупаванай немцамі вёсцы. У малалетнім ўзросце бачыў усе нягоды ваенных часоў, боль і перажыванні маці ў гэтыя гады. Мабыць, таму цэлая галерэя жаночых скульптурных вобразаў выйшла з-пад таленавітых рук майстра ў пасляваенны час.

Гледзячы на скульптуру “Смутак”, няцяжка здагадацца, што хацеў перадаць творца. Жанчына смуткуе, перажывае, аплаквае роднага чалавека, які загінуў у час вайны. У ёй заключаны боль мільёнаў жанчын, якіх напаткаў такі ж лёс. Скульптура “Смутак” – гэта перажыванні жанчыны, якая шмат перажыла і страціла падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта агульны смутак і смутак кожнага з нас…

Сёння творы Івана Васільевіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі  Мінска, абласным краязнаўчым музеі і Мастацкім музеі Брэста, а цяпер — і ў Пружанскім палацыку. Новы экспанат выдатна дапоўніў выставу “Генацыд на Пружаншчыне: па матэрыялах расследавання”.

Добавить комментарий