Анлайн-праект “Што раскажа экспанат”

Напярэдадні Дня Перамогі гаворка пойдзе пра трохвугольныя франтавыя лісты, якія захоўваюцца ў фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.

Падчас вайны паперы і канвертаў  не хапала, на фронце іх увогуле было не знайсці. Таму салдаты пачалі выкарыстоўваць для лістоў любую чыстую паперу. Але як адаслаць ліст без канверта? На дапамогу прыйшла салдацкая кемлівасць. Ліст паперы стаў адначасова і аркушам, і канвертам. Тэкст пісалі на адным баку, а потым складвалі аркуш трохвугольнікам так, каб ён апынуўся ўнутры. На вонкавым баку атрыманага канверта пісалі адрас.  Маркі не патрабаваліся: лісты з фронту і на фронт пошта дастаўляла бясплатна. Дзякуючы такой форме лісты не раскрываліся падчас транспарціроўкі.

Адметна, што лісты не заклейваліся: іх павінна была праверыць ваенная цэнзура. Раптам салдат у лісце выпадкова раскрые месца размяшчэння сваёй часці? Такую інфармацыю правяраючыя замазвалі чорнымі чарніламі.

Родныя салдат вельмі чакалі запаветныя трохвугольнікі, бо яны азначалі, што іх сын, муж і бацька жывыя. Трывожыліся, калі паштальён прыносіў дадому ліст у звычайным канверце з маркамі: часцей за ўсё так прыходзілі афіцыйныя паведамленні пра тое, што салдат загінуў або прапаў без вестак.

Добавить комментарий