Анлайн-праект «Што раскажа экспанат”

Сёння гаворка пойдзе пра яшчэ адзін цікавы прадмет, які захоўваецца ў фондах Пружанскага палацыка, – бульётку. Яна ўяўляе сабою фігурную танкасценную металічную ёмістасць са здымным дном (падстаўка для спіртоўкі). Ніжняя частка пасудзіны (паддон) увагнута, выканана ў форме прафіляванай варонкападобнай падстаўкі на трох высокіх дэкаратыўных металічных ножках у выглядзе стылізаваных лап міфічнай жывёлы.

 Бульётка выпушчана ў першай палове XX ст. на Вюртэмбергскай металічнай фабрыцы Адольфа Кнехта, якая з 1920-х гг. займалася вырабам посуду ў стылі арт-дэко. Гэты прадмет быў канфіскаваны Брэсцкай мытняй пры незаконным перасячэнні мяжы і перададзены ў Пружанскі палацык.

Што ж такое бульётка? Першае, што прыходзіць у галаву, – пасудзіна да булёну. Аднак нічога агульнага з булёнам ёмістасць з сугучнай назвай не мае. Знешне яна нагадвае самавар, а па функцыянальным прызначэнні – тэрмас. Такія прыборы выкарыстоўвалі для таго, каб падтрымліваць тэмпературу вадкасці стабільнай. Першапачаткова бульётка служыла для нагрэву вады ў паходных умовах, пазней стала выконваць функцыю аксэсуара да самавара. У бульётку налівалі кіпень, які доўга заставаўся цёплым за кошт падпаленай спіртоўкі, што размяшчалася пад рэзервуарам. Рабілі ў бульётках не толькі чай, але і пунш, глінтвейн ды іншыя напоі. Як ні дзіўна, выкарыстоўваліся бульёткі і для варэння яйкаў. Адмысловыя ячэйкі здымнай рамкі ўтрымлівалі яйкі ў эліпсавіднай пасудзіне, дзе яны варыліся ў кіпячай вадзе і працяглы час захоўвалі цяпло. Такія яйкаваркі нярэдка рабілі ў форме курыц і ўпрыгожвалі разнастайнымі ўзорамі.

Добавить комментарий