ЧАЛАВЕК – ЗЯМЛЯ – ДРЭВА

Чарговы раз у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” выстаўляюцца работы Народнага майстра Рэспублікі Беларусь – рэзчыка па дрэве Мікалая Васільевіча Тарасюка, багатая творчая спадчына якого вядама далёка за межамі Пружаншчыны.

Нарадзіўся і ўсё жыццё правёў Мікалай Тарасюк у вёсцы Стойлы, стаў, дарэчы, апошнім яе жыхаром. Займаўся паляваннем, рыбнай лоўляй, меў гаспадарку… Разьбой па дрэве і пляценнем з лазы захапляўся з дзяцінства, потым стаў выразаў цацкі для ўласных дзетак. Фігуркі беларускіх сялян Мікалай Васільевіч вырабляў з дрэва, кары, лазы, саломы – матэрыялаў, якія заўсёды пад рукою. Першыя працы майстра былі невялікімі па памерах – каля 18 см. у вышіню. Пазней ён стаў выкарыстоўваць фарбу, каляровыя апранахі з абрэзкаў тканіны, у выніку работы набылі манументальнасць. Прататыпамі “драўлянага люду” з’яўляліся жыхары вёскі Стойлы.

Перш, чым ствараць кампазіцыю, Мікалай пісаў тэкст – невялікі сцэнар, паводле якога нараджаецца фігуратыўная кампазіцыя. Па словах майстра, тэкст – самая складаная частка працы, якая ў далейшым становіцца анатацыяў да твора, каб глядач добра разумеў яго сэнс.

Кампазіцыі Мікалая Васільевіча прысвечаны беларускай сялянскай працы (“Сялянскі дворык”, “Апрацоўка льну”, “Жорны”, “Жніво” і г. д.), беларускім народным абрадам (“Вяселле”, “Каляды”, “Вячоркі” і г. д.). У сваіх працах майстра высмейваў п’янства, разлад у сям’і, паказваў усё жыццё чалавека – ад нараджэння да смерці. Значнае месца ў ягонай творчасці займала тэма вяселля, што, паводле аўтара, з’яўляецца галоўнай кропкай адліку ў лёсе селяніна; таксама важнае значэнне надаваў жаночай працы. Мастацтва, да якога належыць творчасць Тарасюка, называюць інсітным, або прымітыўным, наіўным, непрафесійным, яно сфарміравалася натуральна і самабытна, без усялякага ўплыву і навучання.

Творчасць Мікалая Тарасюка не адразу атрымала прызнанне. Найбольшую вядомасць майстра атрымаў у 1987 г., калі быў адзначаны залатым медалём лаўрэата II-га Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці. Дзейнасцю Мікалая Васільевіча пачалі актыўна цікавіцца, у Стойлы часта прыязджалі журналісты і госці з Беларусі і нават Расіі. У 1994 г. майстра пабудаваў на ўласным хутары асобную хату для экспанатаў і назваў яе музей “Успаміны Бацькаўшчыны”, там змясціў аўтарскія работы. За гады працы Мікалай Васільевіч выразаў каля 30 тысяч драўляных кампазіцый беларускіх сялян. У 2002 г. “За стварэнне ўнікальных драўляных кампазіцый, асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё народных традыцый драўлянай скульптуры” ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Народная творчасць”.

Мікалай Тарасюк пайшоў з жыцця 14 студзеня 2015 г., у наступным годзе яму споўнілася б 90 гадоў… Не стала дзеда Тарасюка – і асірацелі Стойлы, а “драўляны люд” па-ранейшаму працягвае ўражваць гледачоў.

Збор твораў Мікалая Тарасюка ў Пружанскім палацыку складае калекцыю ў 102 адзінкі: драўляныя кампазіцыі, скульптуры (галава касулі, лася, барана, аленя і г. д.), музычныя інструменты, вырабленыя народным майстрам (трашчотка, труба), начынне з лазы усе гэтыя прадметы перадаў музею народны майстра.

Запрашаем жыхароў і гасцей горада наведаць выставу “ЧАЛАВЕК – ЗЯМЛЯ – ДРЭВА”, якая будзе цікавай і карыснай як для дзяцей, так і для дарослых.

Добавить комментарий