#ЛегкіяЧытанні: Ніна Дыдышка чытае Івана Муравейку.

17 лістапада ў межах #Лёгкіячытанні: мы сустракаемся з Нінай Васільеўнай Дыдышкай (Нина Дыдышко (Nina Dydyshko), былой выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры. Ніна Васільеўна вельмі ўразілася нашай мінулай сустрэчай і прапанавала свой удзел. Канешне, мы з радасцю пагадзіліся, бо #ЛёгкіяЧытанні — лакальны праект, які перш за ўсё арыентаваны на мясцовых жыхароў. Добра, што пружанцы і пружанкі разумеюць, як важна чытаць дзецям беларускія творы, і ахвотна далучаюцца да нашага праекту.
Ніна Васільеўна пачытае колькі сваіх вершаў для дзяцей, а таксама ўлюбёныя вершы беларускага паэта Івана Андрэевіча Муравейкі. Напрыклад, такія.

У сараканожкі забалела ножка:
Можа, застраміла ці аб камень збіла?
Прыйшла яна да доктара — войкае і вохкае:
— Ой, памажыце! Ой, памажыце!
Хворую ножачку палячыце, змажце ёдам, перавяжыце.
Доктар агледзеў сараканожку.
— Я мігам, — гаворыць, — вылечу ножку.
Скажы, забалела ў цябе якая?
— А я і сама таго, доктар, не знаю.
Бачыш сам — сорак іх у мяне…
— Гэта?
— Не.
— Гэта?
— Не.
— Гэта?
— Не.
— А можа, баліць не нага, а жывот?
Разяў, калі ласка, рот.
— Ды што вы, што вы! Хіба я дурная?.. Ножка баліць.
— Якая?
— Вунь тая.
— Гэта?
— Не.
— Гэта?
— Не.
— Вы пасмяяцца прыйшлі з мяне.
Заплакала сараканожка.
— Ой, баліць, баліць мая ножка!
Задумаўся доктар: «Што мне рабіць?
Як сараканожку лячыць?»

Пачатак ў 12 гадзін.
Уваход свабодны.
Запрашаем!

Добавить комментарий