Газета «Звязда» 2.11.1957 г.: ЗМЕНЫ У ПРУЖАНАХ.

Сябра музея Леанід Васільевіч Гарустовіч перадаў нам копію артыкула з газеты «Звязда» за 2 лістапада 1957 года —  «ЗМЕНЫ У ПРУЖАНАХ». Галоўнае: ў артыкуле змешчаны фотаздымак — палацыка.

Дадаем арыгінальны тэкст артыкула.

»  У летапісях першае ўпамінанне аб Пружанах адносіцца да І450-І460 гадоў.
У асабістым дзённіку Петра I і ў кнізе «Гісторыя царавання Петра Вялікага» ёсць запісы аб тым, што пасля вяртання ў Расію з падарожжа па Заходняй Еўропе 8 і 9 жніўня 1698 года Пётр I спыняўся ў Пружанах.
Пружаны ўпамінаюцца таксама ў летапісе Паўночнай вайны (1700—1721 гг.) і ў гісторыі Айчыннай вайны 1812 года. Тут у 1810—1812 гадах дыслакаваўся шосты армейскі корпус, якім камандаваў генерал Баграціён. Захаваўся дом, у якім, быў яго штаб і кватэра.
За гады гаспадарання польскіх паноў Пружны, як і іншыя гарады заходніх абласцей Беларусі. прыйшлі ў поўны заняпад. Насельніцтва іх пакутавала ад насілля памешчыкаў, кулакоў і купцоў. У горадзе не было прамысловасці, калі не лічыць саматужнай гаршчочнай вытворчасці. У навучальных установах, якіх было вельмі мала, навучанне было платнае і вялося толькі на польскай мове.
За гады вайны Пружаны, як і большасць населеных пунктаў раёна, моцна пацярпелі ад гітлераўскіх захопнікаў. Гітлераўцы спалілі сотні дамоў, разбурылі і разграбілі школы, усе культурна-асветныя ўстановы, электрастанцыю, маслазавод, промкамбінат і іншыя прадпрыемствы, створаныя да вайны.
Цяпер Пружаны – адзін з буйнейшых раенных цэнтраў Брэсцкай вобласці. З кожным годам горад расце і прыгажэе. За пасляваенныя гады тут уведзена больш чым 500 новых жылых дамоў, адміністрацыйных і культурна-бытавых будынкаў. Выраслі дзесяткі новых вуліц: Маякоўскага, Заслонава, Гастэлы і іншыя. Новымі дамамі забудоўваюцца вуліцы Янкі Купалы, Комсамольская. У гэтым годзе на вуліцы Свабоды здадзен у эксплуатацыю прыгожы цагляны дом, у якім размясціліся мэблевы, гаспадарчы і жалезабляшаны магазіны. Побач райхарчкамбінат пабудаваў адміністрацыйны будынак і цэх па перапрацоўцы садавіны і гародніны. Па вуліцы Комуністычнай вырас новы будынак масласырзавода, пабудаван камбінат бытавога абслугоўвання.
Хуткімі тэмпамі ідзе індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Толькі сёлета больш чым 100 сем’яў рабочых і служачых справілі новаселле ва ўласных дамах. Па новай вулцы імя Заслонава за год пабудавана 29 дамоў.
У раённым цэнтры — шырокая сетка навучальных і культурна-асветных устаноў. Тут ёсць тэхнікум механізацыі сельскай і лясной гаспадаркі, школа-інтэрнат, дзве сярэднія школы.
Для культурнага адпачынку ў распараджэнні працоўных ёсць два дамы культуры, кінотэатр, тры бібліятэкі, стадыён, водны басейн.
У Пружанах працуюць бальніца, поліклініка, зубалячэбніца, тубдыспансер і іншыя медыцынскія ўстановы.
У пасляваенныя гады па Чырвонаармейскай вуліцы закладзен вялікі прыгожы парк. Большасць вуліц і дамоў тоне ў садах.

image descriptionНа здымку: будынак Пружанскага тэхнікума механізацыі сельскай і лясной гаспадаркі. У ім у 1810-1812 гг. знаходзіўся штаб генерала Баграціёна.

I. ШАУЦОЎ.»72526

   З многімі гістарычнымі фактамі гэтага артыкула можна паспрачацца, але гэтая невялічкая нататка з’яўляецца ўжо гістарычнай і нясе нам інфармацыю з мінулага стагоддзя.

Добавить комментарий