У «Ноч музеяў» — «Рэха ДАХу — V»

19 мая музей-сядзіба “Пружанскі палацык” запрашае далучыцца ўсіх пружанцаў і гасцей горада да міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”! Гэтым разам мы спалучаем з музейнай ноччу – фэст эксперыментальнага мастацтва “Рэха ДАХу-V”.

Каб падкрэсліць “пяцігодку” правядзення фэсту, яму нададзены надзвычайны размах. Па колькасці ўдзельнікаў ён пераўзыйшоў сваіх папярэднікаў у разы, як і па тэрытарыяльнаму абхвату. Бо, з-за ўдзелу у ім творцаў з Берасцейскай , Гарадзенскай і менскай вобласцяў Беларусі ён можа прэтэндаваць на статус міжрэгіянальнага, а з-за далучэння мастакоў з Берліна (Нямеччына) і Кіева (Україна) становіцца міжнародным.

Фест РЭХА ДАХу, з’яўляецца выяздной сесіяй вядомага ня толькі ў Беларусі фестываля саверсізма і ігдрасілізма “ДАХ”, які не так даўно адзначыў сваі 15 год. Нарадзіўся ён ў берлінскай арт-сядзібе “Тахелес” (Kunsthaus Tacheles), вядомым у свеце цэнтры сучаснага авангарднага мастацтва, але быў заснаваны і праводзіўся беларускімі мастакамі, якія выбудавалі з яго культурны мост ня толькі паміж Беларуссю і Нямеччынай, але і ўсімі сумежнымі з Беларуссю краінамі. Адметнасць ДАХа ў тым, што ён спалучае ў сабе ўсе віды Мастацтва, і нясе пэўны дух Асветніцтва, робячы канцэптуальныя скокі паміж сівой Даўніной і зазіраючы за дальагляд Будучыні.

Гэтым разам, РЭХА данясе да гасцёў Пружанскага палацыка і беларускі фальклёр і апавяданне пра лічбавыя тэхналогіі. А паміж імі, як зерне ў гарэху, уладкуюцца лекцыі пра вядомых постацяў нашай гісторыі, канцэрная праграма, аўдыё-інсталяцыі, кінапаказ і адкрыццё адразу двух мастацкіх выставаў. Палацык пераўторыцца ў вялікі пчаліны вулей, дзе ў кожнай залі будзе адбывацца Нешта.

Сярод тых, хто бярэ ўдзел у фестывалі, ёсць шэраг добра знаёмых пружанцам па папярэдніх дахаўскіх імпрэзах асобаў – гурт “Бабіна лета” (в.Аранчыцы), мастакі Алесь Родзін, былы дырэктар “Тахелеса” Марцін Райтэр, дасьледчык і перформер Зьміцер Юркевіч, перформеры Ільля Свірын і Павал Вайніцкі, музыка Яўген Рагозін, рэжысер Алена Ясінская. Але, шмат для каго ўдзел ў гэтым ДАХе будзе пэўным дэбютам на пружанскай зямлі – вядомы менскі гісторык-архівіст Зьміцер Дрозд, фатограф Валянціна Калесьнікава, музыкі – Арцём Быстрык, гурт “Сонцавостраў”, Віктар Жук і Сяржук Крытчаў.

Асобна варта падкрэсліць удзел у фестывалі пружанскіх творцаў — Алеся Мікуса і рок-гурт “СЬЦЯГ”, а таксама буйны дэсант маладых мастакоў з Берасця, якія прадстаўляюць Брэскую філію Беларускага Саюза Мастакоў, які, дарэчы, з’яўляецца партнёрам імпрэзы.

Адмысловым госцем фестываля стане ўкраінскі перформер Ігар Мельнік (PostPlayТеатр, Кіеў), чый перформанс дакладна не пакіне гледачоў абыякавымі!

Чакае наведвальнікаў і пэўны сюрпрыз ад “Пружанскага палацыка”, наваколле якога ў гэты дзень будзе ўпрыгожанна новым, але вельмі старым аб’ектам!

Праграма фестываля не проста насычная, нават, перанасычаная, таму, будзе цікава!

Пачатак у 18.00.

  • Уваход — па білетах у музей:
    — для школьнікаў  — 1 р. 50 к.
    — для навучэнцаў СПТВ, ПТВ  — 2 р. 00 к.
    — для астатніх катэгорый наведвальнікаў —  2 р. 50 к.
    Сярдэчна запрашаем!
    Наш адрас: г.Пружаны, вул. Савецкая, 50
    Аргкамітэт

 

Добавить комментарий