ПРЫГОЖА, трывала, на вякі. Нацыянальная спадчына

Ужо даволі працяглы час вядуцца работы па рэстаўрацыі помніка гарадской сядзібы, ці так званага Пружанскага палацыка. Наведвальнікі гарадскога парку з задавальненнем могуць адзначыць: адноўлены помнік дойлідства сапраўды прыемна цешыць вока. Рэстаўратары абяцаюць да наступлення халадоў поўнасцю завяршыць усе ўнутраныя работы. Аднак аб’ём работ вакол будынка яшчэ даволі значны: з выдзяляемых на ўсё больш 3 мільярдаў рублёў асвоена толькі каля палавіны.

     

Як лепш, па-гаспадарску выкарыстаць гзтыя немалыя сродкі? Менавіта на гэтым была засяроджана ўвага членаў раённага каардынацыйнага савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры абмеркаванні пытання аб ходзе рэстаўрацыі гарадской сядзібы. Былі выказаны прапановы аб унясенні змяненняў у праектнае рашэнне па пакрыцці дарожак і агароджы вакол палацыка. Рэстаўратары пагадзіліся зрабіць плітачнае пакрыццё тэрыторыі замест асфальтавага, паставіць каваную агароджу замест звычайнай металічнай сеткі. Праўда, для гэтага хутчэй за ўсё спатрэбяцца дадатковыя сродкі. Аднак і члены камісіі, і будаўнікі былі тут адзінадушнымі: трэба рабіць усе прыгожа, трывала, на вякі.
Мяркуецца ў наступным годзе пачаць рэстаўрацыю флігеля гарадской сядзібы, каб затым аддаць яго пад Дом рамёстваў.

РБ 1998 11.08.

Добавить комментарий