СУСТРЭЧА НА МАЛОЙ РАДЗІМЕ

Цэлы месяц у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» праходзіла выстава твораў брэсцкага мастака Іосіфа Крупскага. Гэта першая выстава на малой радзіме мастака, бо сам ён з вёскі Куплін Пружанскага раёна.

  
Іосіф Крупскі

На выставе было прадстаўлена дваццаць яго карцін — выставачная зала музея змагла ўмясціць толькі гэту колькасць палотнаў, бо творчасць мастака, у асноўным, звязана з манументальна-дэкаратыўным жывапісам. Некаторыя палотны займалі вялікую плошчу сцен і асабліва прыцягвалі цікавасць наведнікаў — гэта ўжо вядомыя «Вёска майго дзяцінства», «Лён», «Невядомыя салдаты». Былі таксама некалькі партрэтаў — » Ля вакна» (М.Арэхаўскі), «Сын», «Час паэзіі» (партрэт жонкі мастака), «Партрэт пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка».
Асобнае месца на выставе займалі лірычныя пейзажы — «Подых вясны», «Возера», «Пружанскія балоты», «Дуб-волат», «Вячэрні Брэст».

   
На выставе.

Наведнікі парознаму адгукаліся аб выставе, было многа творчых людзей, нават з замежжа, дэлегацыя з Канады; увогуле выстава спадабалася ўсім.
Зараз Іосіфу Рыгоравічу — 66 гадоў, ён, як і заўсёды. поўны сілаў і натхнёна працуе, у яго шмат задумак. Гэтай выставай мастак пазнаёміў родную Пружаншчыну са сваёй творчасцю і ў будучым, на сваё 70-годдзе, прапанаваў зрабіць больш шырокую выставу і ахапіць больш накірункаў сваёй творчасці.
Пажадаем Іосіфу Рыгоравічу творчых поспехаў і здзяйснення яго новых праектаў.

Юрый ЗЯЛЕВІЧ,
старшы навуковы супрацоўнік
музея-сядзібы ‘Пружанскі палацык».

Культура №36 915.09.2000 стр.10

Добавить комментарий