ПРУЖАНСКІ ПАЛАЦЫК

Кожнаму, хто часам будзе ў г.Пружаны (Брэсцкая вобласць), шчыра раю наведаць гарадскі парк — любімае месца адпачынку жыхароў горада і гасцей. Там адна з пешаходных сцяжынак прывядзе вас да вельмі цікавай пабудовы з нязвыклым выглядам, да гарадской сядзібы, ці так званага «Пружанскага палацыка». Пабудаваны ён на паўночнай ускраіне горада паводле праекта архітэктара Ф.Ланчы (1799 — 1875), італьянца, які большую частку свайго жыцця пражыў у Польшчы. Гэта быў таленавіты і высокаадукаваны спецыяліст, вядучы архітэктар Царства Польскага, Прамых доказаў удзелу Ланчы ў будаўніцтве «палацыка» няма, але тое, што аўтар праекта карыстаўся асноўнымі прыёмамі і прынцыпамі Ф.Ланчы, якія былі распрацаваны ім для пабудоў такога роду, гэта факт. «Пружанскі палацык» з’яўляецца ўзорам гістарызму першай паловы XIX стагоддзя, яго найбольш цікавай разнавіднасці — раннерэнесанснай італьянскай сялянскай вілы. Ансамбль сядзібы ўключае мураваны дом, да якога з боку горада вядзе шырюкая алея, і два мураваныя флігелі па баках ад яго, а таксама парк пейзажнага тыпу. Сядзібны дом складаецца з двух рознавялікіх аб’ёмаў, аб’яднаных аднапавярховым корпусам Да заходняга кампактнага двухпавярховага аб’ёму з эркерам прылягае квадратная вежа — аднапавярховая прыбудова з паўкруглай верандай.
Усходні аб’ём Г-падобны, двухпавярховы корпус, тарэц якога выступае на паўднёвым фасадзе невялікім рызалітам, завершаным шчытом, Усе аб’ёмы маюць пакатыя дахі. 3 боку паўночнага фасада, арыентаванага на парк, — вялікая тэраса з перакрыццем на дзвюх калонах. Аконныя праёмы пабудовы прамавугольныя, з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Планіроўка «палацыка» анфіладная. Інтэр’ер аздоблены ляпнымі прафіляванымі карнізамі, камінамі. Першы і другі паверхі «палацыка» звязаны паміж сабой вузкімі драўлянымі лесвіцамі. У 1843 годзе гаспадаром палацыка становіцца Валенцый Швыкоўскі. Тут яны жывуць разам з жонкай, шляхцянкай Ашмянскага павета Гермініяй Важынскай. Шлюб іх быў бяздзетны. У 1854 годзе Швыкоўскага выбіраюць маршалкам Пружанскага павета. За садзейнічанне паўстанню 1863 года ўся яго маёмасць была секвестравана, а сам ён 4 гады правёў за мяжой: жыў у Бельгіі, Францыі, Італіі. У 1867 годзе выгнанніку пашчасціла вярнуцца ў свой маёнтак, дзе ўвесь гэты час жыла яго жонка. Гэта даволі рэдкі выпадак, калі маёнтак вярнулі яго ранейшаму ўладальніку. V 1888 годзе памірае жонка В.Швыкоўскага. Ён сам жыве ў сядзібе яшчэ сем гадоў, займаецца гаспадаркай, а потым прадае маёнтак графіні В.В.Кляйнміхель. Апошнія гады жыцця пружанскі маршалак праводзіць у Варшаве, дзе і памірае ў 1900 годзе, пражыўшы З гады. Пахаваныя Швыкоўскія на каталіцкіх могілках у г.Пружаны, іх сціплая магіла захавалася да нашага часу У 1920-1930ыя гады «палацык» займала павятовае стараства. Пасля вайны ў будынку размяшчалася доследная станцыя, дзіцячы садок, стаматалагічная паліклініка. Пасля рэстаўрацыі цяпер тут знаходзіцца музей. Наперадзе яшчэ вялікая работа, але ўжо сёння музей прымае наведнікаў. У іх ёсць магчымасць пазнаёміцца з выставай абразоў канца XIX — пачатку XX стагоддзя і этнаграфічнай экспазіцыяй. У будучым плануецца адкрыць залы, прысвечаныя гісторыі і культурнай спадчыне Пружаншчыны, залу, дзе будзе прадстаўлена прырода-паляўнічая тэматыка, геральдыка. Гэта пакуль адзіны музей былой сядзібы ў Брэсцкай вобласці.

Раіса ЗІНЧУК, галоўны
захавальнік фондаў музея-сядзібы

Культура 2000.22.04. №16

Добавить комментарий