Выстава «Гісторыя ў цэгле».

get_img

        У Дзень будаўніка, 14 жніўня, ў музее адкрылась унікальная выстава — на ёй можна пабачыцць цэглу, кафлю, чарапіцу!  Але ўсё гэта не звычайныя рэчы — некаторым экспанатам па 500 гадоў і ўсё яны нясуць на сабе важныя адбіткі гісторыі!      

      Цэгла  ўспрымаецца  намі  як  вельмі  просты  прадмет  або будаўнічы  матэрыял.  Але  за  ёю  крыецца  шмат  цікавай  інфармацыі.  Гэта  тэхналогіі,  матэрыялы,  машыны  для  яе   вытворчасці,  эксплуатацыйныя  ўласцівасці, спосабы  ўкладання, прымяненне цэглы ў будаўніцтве, архітэктуры, дызайне,  а  таксама – кляймо,  якое  ставіцца  на  цэгле  з  часоў  Рымскай  імперыі.

      У другой палове ХIХ стагоддзя на заводах Гродзенскай губерніі выраблялася якасная  цэгла  розных  відаў:  звычайная  будаўнічая,  полая, лякальная, радыяльная, агароджавая, трубная, калодзежная, абліцовачная, сілікатная.

     Акурат на гэты перыяд прыйшлося актыўнае мураванае будаўніцтва ў Пружанах. Для параўнання: на 1838 годзе ўзведзена толькі 3 будынкі (гаўпвахта, астрог і гарадская скарбніца), а ўжо на 1904 – 71 прыватны дом, 2 царквы, касцёл, сінагога, гандлёвыя рады, 2 установы адукацыі і шмат іншых дзяржаўных і прыватных устаноў.

    З той пары прайшло шмат часу. Будынкаў, якія  былі пабудаваны з цэглы і ўзведзены  ў пазамінулым стагоддзі, становіцца ўсё менш. Тым больш каштоўныя для нас сляды гісторыі на старой цэгле,  кавалках чарапіцы і кафлі, якія  клапатліва  сабралі   аматары  гісторыі  і краязнаўства,  берасьцейцы Іван Чайчыц і Сяргей Грынь.

     Большая частка экспанатаў, прадстаўленых на гэтай выставе, сабраная з руйнаваных і неіснуючых ужо будынкаў г.Брэста.

     Добра дапаўняюць  «цагляную гісторыю» фотаздымкі даўніх брэсцкіх будынкаў, якія зрабіў у свой час жыхар г. Брэста, знаток гісторыі свайго горада Алег Малейка.

    Выставу можна будзе наведаць па 25 верасня.

Добавить комментарий