Мы на сацсетках:
Пружаны 

Мелодыя золата саломкі

Працягам цудоўнай традыцыі дэманстраваць творчасць народных майстроў Пружаншчыны з’явілася адкрыццё ў палацыку персанальнай выставы ўмельцы саломапляцення з Новых Засімавічаў Раісы Баюра. Напярэдадні Каляд гэтая акалічнасць набыла асаблівы сэнс. 

Анна ХАДАРОВІЧ, Аляксандр МЕЛЕШ (фота)

Невялікую экспазіцыйную залу літаральна азалацілі шматлікія куфэрачкі, цукерач-ніцы, хлебшцы, футлярчыкі для віна і шампанскага, карзінкі і пано з саломкі, вырабленыя рукамі майстрыхі. А вянчае экспазіцыю вялікая і прыгожая маска казы, з якою некалі людзі калядавалі па хатах.

Раіса Васільеўна займаецца саломапляценнем ужо амаль 30 гадоў. Уладкавалася на надомную работу ад Брэсцкай фабрыкі сувеніраў—проста ад таго, што іншага выбару не было. А ўзялася за саломку і аказалася — гэта якраз тое, да чаго найбольш ляжыць душа, захапленне на ўсё жыццё.

Колькі ўсяго перапляла Раіса Васільеўна, колькі саломы расходавала на гэтую прыгажосць, падлічыць немагчыма. Ёсць вырабы, на якія не пайшло і аднаго метра матэрыялу, а ёсць — што сем ці нават, як на калядную маску, дзевяць метраў.

— Шэсць тоўстых снапоў саломы сёлета нарыхтавала,— разважае жанчына.—На зіму павінна хапіць…

Жытнёвая салома, зжатая, калі жыта каласіцца, мае ў такой справе асаблівую каштоўнасць. Сабраныя снапы Раіса Васільеўна перабірае, раскладвае саломінкі па таўшчыні і каляровым адценні — для кожнага вырабу патрабуецца свой матэрыял.

Лічыцца, што галоўнае ў такой рабоце — уседлівасць і цярпенне. Але калі да іх дабаўляюцца яшчэ фантазія і акуратнасць, звычайная саломка, здаецца, пачынае ў руках іграць мелодыю. Паўтораў не бывае. Кожная рэч, як сапраўдны твор мастацтва.

Раіса Васільеўна пляце гэтыя цуды не толькі «для сябе». Яе саламяныя выра-бы неаднаразова выстаўляліся на абласных і рэспубліканскіх выставах народнай творчасці, не гаворачы ўжо пра мясцовыя святы. Удзельнічала яна і ў кірмашах народных промыслаў — на «Дажынках» у Пружанах і на фестывалі ў Польшчы. На «Дажынках», дарэчы, саламяныя цукерачніцы Раісы Баюра набылі знакамітыя беларускія спевакі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч.

Рукі ў жанчыны залатыя, як і тое, што яны майструюць. Шкада толькі, што адзінае прымяненне ім — такія вось выставы. У раёне няма магазінаў сувеніраў, якія б Раіса Васільеўна магла перыядычна папаўняць сваімі цудоўнымі вырабамі, каб мець хоць які набытак. Цяпер яна беспрацоўная. А адзінае, што змаглі прапанаваць для такіх рук у цэнтры занятасці, -гэта праца прыбіральшчыцы…

Толькі аб дрэнным сярод такога золата гаварыць не хочацца. Прыходзьце, убачыце самі. Выстава ў палацыку будзе доўжыцца больш месяца.

 РБ 2004.24.12.

Опубликовать в Facebook
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в Одноклассники

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *