«Адчыненыя дзверы» Анатоля Лабкоўскага

       IMG_13131_новый размер

      На тыдні у музее-сядзібе «Пружанскі палацык» адкрылася новая выстава – свае творы прадставіў дырэктар Мастацкай школы г.Баранавічы Анатоль Лабкоўскі. З яго творчасцю фрагментарна пружанцы ўжо маглі азнаёміцца летась на сумеснай выставе на фэсце эксперыменттальнага мастацтва «Рэха ДАХу», які з 2013 года ладзіцца ў музеі.

              На гэты раз мастак прадставіў 27 сваіх палотнаў, большая частка з якіх напісана ў апошнія гады. Сям’я, вёска, прырода – вось асноўныя тэмы твораў Анатоля Уладзіміравіча. Як адзначыў сам мастак на адкрыцці выставы, для яго гэта глыбока асабістая прыватная выстава.

                  Яго творы метафарычна-філасоўскія, нясуць глыбокі і пазнавальны сэнс, рэалістычнасць падаецца ў мяккіх абстрактных формах. Цеплыня фарбаў захапляе гледача сваёй утульнасьцю, кампазіція прываблівае панарамнасцю і палётам. Вобразы зачароўваюць і нясуць станоўчыя ўражанні кожнаму, хто вырас на гэтай зямлі, – як позірк у дзяцінства, як водгук генетычнай памяці.

2_новый размер

                 Цэнтр выставы займаюць творы з хрысціянскім падтэкстам – анёл з немаўляці парыць над начной вёскай, далей – бірузовая калядная ноч, як імпрэссія задумлівасці. “Ешце рыбу” – аднасэнсовы пасыл да асноў, дзе сеткі не ловяць рыбу, а яна сама ідзе ў стыгматычныя рукі “лаўца душаў” на чаўне пад ветразем збаўцы. Сеткі тут хучэй як сымбаль укрыжавання, а побач – спакуслівы, ужо пусты гаплік.

       1_новый размер

        Вялікія нацюрморты з кветкамі поўныя напышлівай разняволенасці фарбаў з непрыкрытай эратычнасцю формаў і сакавітасцю колераў, якія ўяўляюцца як масток да нечага асабістага, роднага: родная вуліца ў кастрычніку, закінуты “Хлеў”, але пры гэтым поўны жыцця, бацька-араты “На ворыве”, восеньскі непрыбраны сад. Ва ўсім бачыцца пранікнёнасць вобразаў, перапляценне думак і мараў і агульны пасыл да сімптаматычнага адзіноцтва: адзін конь ў абшары ранішняга палетку, пустая лодка пад летнім дажджом, адзінокі рыбак, поўня, і мроя зімовай вёскі пад марознам захадам і цёплай рэчкай, і летуценнік на стозе духмянага сена… І зноў бацька ў любімым садзе збірае духмяныя “Антонаўкі”, як абавязковы досвед восені.

3_новый размер

                    У шэраг выяў блізкіх людзей становяцца і творы з жонкаю, сынам (пяць гадоў таму і сёння) у рэзка анімацыйнай манеры пін-апу. Тут і там абрысы родных постацей надаюць выставе вобраз старонак з сямейнага альбому, выкананага прыстойным сынам, мужам і бацькам у адной асобе.

               Анатоль Лабкоўскі нездарма назваў гэтую выставу “Адчыненыя дзверы” – ён быццам прыадкрыў свой унутранны свет, адкрыў свой асабісты погляд на жыццё і сямейны сусвет закаханага творцы.

                   Гэтая выстава – сапраўдная споведзь, тайна якой раскрываецца ўсім гледачам. Усіх аматараў мастацтва запрашаем пачуць яе.

На фота: «Летуценнік», “Ноч”,  “Ешце рыбу”,   “Антонаўкі».

Алена Зялевіч

«Культура» №20, 14 мая, 2016 года

Добавить комментарий