Гасцёўня Юзафа Крашэўскага

Кожны, хто прыйшоў у мінулую пятніцу ў “Пружанскі палацык”, атрымаў магчымасць не толькі дакрануцца да прыгожых мастацкіх твораў, але і пазнаёміцца з жанчынай, якая стварыла гэтую прыгажосць. Гутарка ідзе пра мастачку з Заслаўя Анастасію Балыш.

На выставе прадстаўлена каля 30 жывапісных работ. Гэтыя творы прысвечаны дзейнасці і жыццю выбітных дзеячаў  беларускай гісторыі розных стагоддзяў, якія натхнялі тагачасных суайчыннікаў і працягваюць натхняць сучасных беларусаў на тое, каб шанаваць і любіць культуру, гісторыю і традыцыі сваёй радзімы.

Цэнтральнай у выставачным праекце стала постаць Юзафа Ігнацыя Крашэўскага. І гэта не выпадкова. Мастачцы цікава разглядаць і аналізаваць повязь асобы і мясцін звязаных з ёй. Атрымаўшы запрашэнне правесці выставу ў Пружанскім палацыку, Анастасія зацікавілася выбітнымі дзеячамі Пружаншчыны. Найбольш яе ўразіў Юзаф Крашэўскі — сусветна вядомы пісьменнік, мастак, гісторык, рэдактар, выдавец і публіцыст. Менавіта да гэтай выставы мастачка напісала партрэт “Ростані Юзафа Ігнацыя Крашэўскага”.

Акрамя жывапісных палоцен, на выставе прадстаўлены ілюстрацыі і графіка, прэзентаваны праект па стварэнню стыкерпакаў “Шляхетная гаворка”.

Пранікнуўшыся эпохай, асветніцкімі і культурнымі мэтамі тагачаснай інтэлігенцыі, мастачка дае магчымасць наведвальнікам музея дакрануцца да багацейшага пласта беларускай культуры.

Падчас вечарыны   ў адрас мастачкі гучалі цёплыя словы ўдзячнасці і захаплення ад гледачоў.

Цёплымі словамі віталі госці і  кандыдата музыказнаўства Святлену Немагай і лаурэата міжнародных конкурсаў Галіну Сакольнік, якія прэзентавалі музычна-літаратурную праграму, прысвечаную Крашэўскаму, і такім чынам задалі настрой мерапрыемству.

Выстава “Гасцёўня Юзафа Крашэўскага” будзе дзейнічаць у музеі да канца мая. Запрашаем!

Добавить комментарий