Апошні нумар перад пачаткам вайны…

У фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык” захоўваецца вялікая калекцыя друкаваных выданняў – ажно 527 адзінак. Сярод іх – часопісы, газеты, кнігі, падручнікі, брашуры і інш. Зусім нядаўна калекцыю папоўніў яшчэ адзін цікавы прадмет – газета “Известия” за 21 чэрвеня 1941 года. Газета, якая была выдадзена за дзень да пачатку вайны… Такі каштоўны экспанат быў перададзены палацыку вартаўніком музея Каробка Сяргеем Сяргеевічам.

Пра што ж пісала ў гэты апошні мірны дзень газета? Давайце разам пачытаем суботнія «Известия» № 145 (7521).

Першая старонка змяшчае Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета і Прывітанне ад Прэзідыума Вярхоўнага Савета РСФСР і ад Савета Народных Камісараў РСФСР у сувязі з 20-годдзем Марыйскай АССР.

Вялікі артыкул прысвечаны студэнтам і школьнікам, якія выказалі жаданне працаваць падчас летніх канікул на фабрыках і заводах, у калгасах і саўгасах. На першай і другой старонках апублікаваная зводка аб ходзе сяўбы яравых па Савецкім Саюзе.

Другая старонка газеты прысвечана пераважна міжнародным падзеям. У асноўным, гэта войны, якія палыхалі ў розных канцах зямлі: у Сірыі, Кітаі, Афрыцы, Заходняй Еўропе.

Трэцяя старонка змяшчае аповед пра жыццё Чырвонай Арміі, пра становішча на машынна-трактарных станцыях.

На апошняй старонцы размешчаны артыкулы аб культурных падзеях: выдавецтва новых кніг пісьменнікаў Львова, радыёкампазіцыя “Тарас Бульба”, спаборніцтвы на першынства СССР па шахматах і шашках. Тут жа размешчаны афішы маскоўскіх тэатраў і прапануюцца пуцёўкі ў санаторыі. Вядзецца набор у Вышэйшыя навучальныя ўстановы, праводзяцца розныя конкурсы і выставы.

У тую суботу мірныя жыхары Савецкага Саюза займаліся сваімі звычайнымі справамі. Гэты дзень быў рабочым, таму ўвечары людзі ўжо спадзяваліся на наступ 22 чэрвеня нядзельнага выхаднога, калі яны змогуць схадзіць у кіно, з’ездзіць на прыроду ці на рыбалку, пасядзець дома і пачытаць кнігу. У суботні вечар жыццё ішло сваім парадкам: людзі гулялі ў парках, займаліся спортам, слухалі музыку, глядзелі спектаклі і будавалі планы на будучыню, у той час як на заходнім беразе Буга поўным ходам ішла падрыхтоўка да ўварвання. Савецкія людзі і падумаць не маглі, што заўтра іх жыццё падзеліцца на два перыяды: да 22 чэрвеня і пасля.

З успамінаў: “21 чэрвеня 1941 года ў нас быў выпускны вечар, мы скончылі вучыцца ў школе. Надыходзіла развітанне з юнацкасцю, цяпер кожны з нас мог заняцца той прафесіяй, якую любіць, якой хоча прысвяціць усё жыццё. Так што свята было вельмі вясёлым, радасным, мы ўсе былі вельмі прыгожыя, мы надзелі самыя прыгожыя сукенкі. Танчылі доўга, шпацыравалі на прыродзе. Тут мы лавілі рыбу, варылі юшку, збіралі суніцы, гулялі ў футбол, валяліся на траве, марылі пра будучыню і фантазіравалі”.

А на наступны дзень, у нядзелю 22-га, па Усесаюзным радыё будзе выступаць Вячаслаў Міхайлавіч Молатаў з важным і пазапланавым паведамленнем …

Добавить комментарий