Анлайн-праект «Што раскажа экспанат”

Сёння мы раскажам пра яшчэ адзін цікавы прадмет з фондаў Пружанскага палацыка – кіназдымачны апарат “Кіеў 16С-3”.

Кіна-фотатэхніку і оптыку ў савецкай час выпускала не вельмі вялікая колькасць прадпрыемстваў, як, напрыклад, радыётэхніку, а кінакамеры дык наогул можна па пальцах пералічыць. Першы савецкі кіназдымачны апарат «Піянер» для кінааматараў быў выпушчаны ў 1941 г. Камера была разлічана на 17,5-мм кінаплёнку, аднак пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая перашкодзіла працягу вытворчасці. Наступны апарат 16С-1 для 16-мм кінаплёнкі сышоў з канвеера завода «Ленкінап» толькі ў 1948 г. З 1957 г. у СССР пачалася масавая вытворчасць аматарскіх кіназдымачных апаратаў, выпуск працягваўся аж да 1990-х гг., калі аматарская кінаапаратура была выцесненая бытавой відэатэхнікай.

Савецкія кінааматары карысталіся пераважна 8-мм кіназдымачнымі апаратамі. Кінакамеры на 16-мм кінаплёнцы ў аматарскіх умовах ўжываліся радзей, стрымліваючым фактарам быў высокі кошт абсталявання, а таксама вялікая маса апаратуры і яе памеры.

У СССР аматарскія кіназдымачныя апараты выпускаліся наступнымі прадпрыемствамі: Казанскім оптыка-механічным заводам (“Кама” і “Экран”), Ленінградскім оптыка-механічным аб’яднаннем, Краснагорскім механічным заводам (“Кварц” і “Краснагорск”), Маскоўскім патэфонзаводам (“Турыст”) і Кіеўскім заводам аўтаматыкі ім. Г. І. Пятроўскага. Дарэчы, апошні, пачынаючы з другой паловы 1950-х да канца 1980-х гг., выпускаў кіназдымачныя камеры, якія ўжываліся пераважна ў прафесійных мэтах. Тым не менш, кінакамеры «Кіеў» і «Альфа» паступалі ў рознічную гандлёвую сетку і былі даступныя кінааматарам.

Наш экспанат быў выпушчаны ў 1966 г. Каштаваў 150 тагачасных рублёў, а гэта было нямала – дзве сярэднія зарплаты! Большае здзіўленне  выклікае сам працэс работы: камера вельмі цяжкая і доўга адной рукой яе не ўтрымаеш. Да таго ж, у маленькае вочка амаль нічога не відаць.

Акрамя таго, для рэгулярнай здымкі кінакамеру неабходна пастаянна заводзіць з дапамогай спецыяльнай паваротнай ручкі. Аднаго заводу хапае на 15-20 секунд здымкі. Праўда, сама плёнка размяшчаецца ў досыць зручнай касеце, якая лёгка ўстаўляецца ў апарат.

 Пастаянна заводзіць гэты важкі прыбор — тая яшчэ задача. На кофры ёсць тонкі рэмень, але на плячы насіць яго не зручна. Увогуле, дарагая прылада, але, напэўна, на той момант гэта быў даступны і адзіна магчымы спосаб стварыць свой кіназапіс.

Добавить комментарий