Нашай «раёнцы» — 80!

Рабочыя будні рэдакцыі значна адрозніваюцца ад будняў іншых устаноў: зразумець вялікую, нават “звышгукавую”, хуткасць журналісцкага працоўнага працэсу не кожнаму пад сілу. А вось святкуем мы, прызнацца, як усе – з вясёлымі песнямі, шчырымі вершамі, цікавымі падарункамі, ганаровымі ўзнагародамі і цёплымі віншаваннямі ад калег і сяброў. 80-гадовы юбілей газеты не стаў выключэннем. Прыгожая і ўтульная гасцёўня музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, дзе адбывалася ўрачыстасць, ледзь умясціла ўсіх гасцей.

Раздзяліць з юбілярамі радасць выдатнай падзеі з’ехаліся калегі-журналісты з розных раёнаў вобласці. У якасці ганаровых гасцей прысутнічалі прадстаўнікі раённых і абласных уладаў, а таксама кіраўнікі мясцовых службаў, прадпрыемстваў і гаспадарак, з якімі доўгі час супрацоўнічае і дапамагае вырашаць агульныя набалелыя пытанні наша газета.

80 гадоў, згадзіцеся, салідны ўзрост для друкаванага выдання: ёсць, што ўспомніць, і ёсць, што расказаць. Відэапрэзентацыя “Старонкі нашага часу”  і відэаролік  дапамаглі ўсім прысутным узгадаць, чым жыла “раёнка” ўсе мінулыя дзесяцігоддзі, як фарміравала свой непаўторны стыль і з дапамогай каго ўтрымлівала свой баявы, творчы дух і аб’ектыўнасць у асвятленні падзей.

Паколькі  заснавальнікам газеты з’яўляецца райвыканкам, першым з віншавальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся яго старшыня  Ю.Ю. Бісун.

— Вы годна прайшлі доўгі і нялёгкі шлях, які быў непарыўна злучаны з гісторыяй нашага горада і раёна. Цяжка пераацаніць значэнне вашага важкага слова аб усіх лёсавызначальных працэсах, якія адбываліся ў нашым грамадстве. Таму ваша свята — гэта наша агульнае свята і свята тысяч падпісчыкаў, якія ўсе гэтыя гады заставаліся з вамі, — адзначыў кіраўнік раёна. Ён пажадаў супрацоўнікам газеты росквіту, дабрабыту, рэалізацыі ўсіх планаў  і  ад райвыканкама падарыў рэдакцыі сертыфікат на суму 1000 рублёў.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П. Кудравец канстатаваў, што заканамерныя  кадравыя змены, якія адбыліся ў рэдакцыі, не паўплывалі на адметны стыль і інфармацыйную насычанасць газеты. Кіраўнік падзякаваў журналістам за адданасць традыцыям, закладзеным ветэранамі, і пажадаў і надалей трымаць у тонусе сваіх чытачоў цікавымі праектамі і эксклюзіўнымі матэрыяламі.

Таксама ацанілі плённую працу калектыву рэдакцыі і прадстаўнікі аблвыканкама. У прыватнасці, начальнік аддзела па рабоце са СМІ Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ю.І. Цікунова, з вуснаў якой прагучалі словы падзякі “Раённым будням” за высокі ўзровень журналістыкі, прафесіяналізм, за прынцыповасць пазіцыі і адданасць чытачам, за ўласнае дачыненне да галоўных падзей у краіне і за стварэнне годнага інфармацыйнага поля Пружанскага раёна. Юлія Іванаўна ўручыла галоўнаму рэдактару «раёнкі» Г.У. Свідуновіч Ганаровую грамату за асабісты ўнёсак у развіццё газеты.

У той дзень заслужаныя ўзнагароды ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, прафсаюзных арганізацый, грамадскага аб‘яднання «Беларускі саюз журналістаў» атрымалі многія супрацоўнікі газеты. Акрамя таго, калектыў рэдакцыі атрымаў Падзячныя лісты ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” і Пружанскага ўчастка паштовай сувязі за плённае супрацоўніцтва і падтрымку ў вырашэнні важных сацыяльных праблем. Прывітальныя словы ў адрас «Раённых будняў» даслалі факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, шматлікія рэдакцыі раённых газет вобласці, партнёры — установы і прадпрыемствы раёна.

Зразумела, не былі абдзелены ўвагай шаноўныя ветэраны газеты, якія аддалі шмат сіл на яе станаўленне і     развіццё.

Каб агучыць усе віншаванні, якія ў гэты дзень госці дасылалі на адрас рэдакцыі “Раённых будняў”, спатрэбілася б яшчэ некалькі старонак. Аднак пра цудоўныя музычныя падарункі ад творчых калектываў гарадскога Палаца культуры ўсё ж узгадаю. Дзякуй вялікі вядучым мерапрыемства – Алёне Жмайлік, Іне Фасевіч і Алегу Строку, якія на працягу ўсёй імпрэзы трымалі ў зале пазітыўны настрой. Расхвалявалі публіку сваім шчырым выступленнем спевакі народнага хору “Вербніца” (кіраўнік — Іван Гвоздзік).

Аксамітны голас непараўнальнай Карыны Шаманавай, мяккія гітарныя акорды барда Аляксандра Казея, стыльны  рытм скрыпак-віяланчэляў народнага струннага ансамбля “ARCHI” і, вядома ж, “французскі” шык саксафона Сяргея Більшэвіча ўнеслі ў агульны мажорны лад свята незабыўныя ноткі.

Апошнім і, напэўна, самым хвалюючым акордам імпрэзы стала выкананне ўсім калектывам рэдакцыі вядомай песні Булата Акуджавы “Я пішу гістарычны раман”. Журналісты, якія звычайна застаюцца па-за кадрам, так бы мовіць, за кулісамі падзей, паказалі сябе ва ўсёй прыгажосці.

Вясёлыя,  таленавітыя і крэатыўныя, мы і надалей будзем любіць сваю справу, паважаць людзей і годна несці званне “рупара эпохі”.

Алеся Смайлік. Фота Сяргея Талашкевіча.

Раённыя Будні

Добавить комментарий