Дзьве выставы

Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі народмы талент і майстэрства продкаў, тое, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа, тое, што кожнае пакаленне павінна шанаваць і памнажаць. Свая цудоўная спадчына ёсць у пружанцаў. Адыходзіла і гублялася многае. Але тое, што засталося, раскрывае перад намі дзівосны свет нашага народа. Упэўнівае ў гэтым яшчэ раз адна з выстаў, што адкрылася напрыканцы снежня ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» (г. Пружаны). На выставе прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная найбольш папулярным відам народнага мастацтва Пружаншчыны: ганчарству, мастацкаму ткацтву і пляценню. Самаробныя прылады працы, рэчы побыту і хатняга ўжытку, ручнікі, тканыя і вышываныя рэчы — своеасаблівая аповесць пра жыццё тутэйшых людзей і іх працу. У наведвальнікаў музея-сядзібы ёсць магчымасць пазнаёміцца з чорнаглянцавым посудам А. Такарэўскага і вырабамі з паліванай керамікі I. Лісоўскага.
Неменшую зацікаўленасць у наведвальнікаў выклікае і выстава абразоў канца XIX—пачатку XX стагоддзя, канфіскаваных Брэсцкай мытняй, якая размешчана ў другой зале музея-сядзібы «Пружанскі палацык». Выставу складае 41 экспанат.
Мяркую, што творы, прадстаўленыя на выставах, зацікавяць кожнага чулага да прыгажосці чалавека.
РАІСА ЗІНЧУК,
гапоўны захавальнік фондаў
музеясядзібы «Пружанскі палацык».
г. Пружаны.

Газета для Вас 811.01 2000

Продолжить чтениеДзьве выставы

СУСТРЭЧА 3 ПРЫГОЖЫМ

Кaлі ў вас ёсць жаданне, хоць на непрацяглы час, акунуцца ў свет прыгожага — наведайце Пружанскі палацык. Тут ёсць што паглядзець, ёсць чаму падзівіцца.

Упэўнены, што нямногім даводзілася бачыць фатаграфіі, падобныя на работы Галіны Каптур, якія яна прывезла з Мінска на суд гледачоў з глыбінкі. Міжволі ўсклікаеш: няўжо гэта магчыма зрабіць звычайным фотаапаратам на звычайнай фотапаперы?!
А ў сумежнай з фотавыставай зале размясціліся карціны Іосіфа Крупскага — члена Беларускага саюза мастакоў, нашага земляка (ён нарадзіўся ў вёсцы Куплін). Палотнаў не так шмат, але і іх дастаткова, каб займець уяўленне аб жывапіснай манеры мастака, парадавацца творчым удачам земляка.
Самую вялікую залу на першым паверсе палацыка займае выстава кітайскіх нацыянальных касцюмаў і ўпрыгажэнняў. «Гэтая выстава,— як адзначыла ў прывітальным пісьме раённым уладам Надзвычайны і Паўнамочны пасол КНР у Беларусі У Сяоцю,— дасць пэўную магчымасць беларускім людзям пазнаёміцца і дакрануцца да багатай старажытнай кулыуры Кітая, быту і жыцця яго шматнацыянальнага народа».
Словам, наведайце Пружанскі палацк — і вы не пашкадуеце.
Мікола АНТОНАЎ.

НА ЗДЫМКАХ: перад наведвальнікамі выступае Галіна Каптур; ля карцін Іосіфа Крупскага.
РБ 2000.6.06

    

Продолжить чтениеСУСТРЭЧА 3 ПРЫГОЖЫМ

ПАЛАЦЫК АДКРЫВАЕ АКНО Ў МІНУЎШЧЫНУ

Галіна КАЛЯДА
Мінуў час, калі ў адрэстаўраваны Пружанскі палацык людзі прыходзілі толькі для таго, каб палюбавацца прыгажосцю і веліччу збудавання. Цяпер тут ёсць што паглядзець.
У адкрытай для наведвальнікаў этнаграфічнай зале прадстаўлены тры раздзелы: пляценне з лазы і саломы, ткацтва і ганчарства. Цікавая задумка афармлення залы ў выглядзе вясковай хаты. Адметна, што зроблена гэта па праекту члена Саюза мастакоў Беларусі Дзмітрыя Бабкіна. А музейнае афармленне — плённая праца дырэктара музея Юрыя Каўшылы, галоўнага захавальніка Раісы Зінчук, навуковых супрацоўнікаў Юрыя Зялевіча і Ірыны Якман. Дзякуючы іх намаганням з’явіліся ў музеі ўсе гэтыя цікавыя экспанаты: вырабы з лазы і лёну, чорназадымлены і паліваны посуд вядомых на Пружаншчыне ганчароў Антона Такарэўскага і Івана Лісоўскага. Часта рэчы для музея прыходзілася купляць (даводзіцца гэта рабіць і зараз) музейным работнікам за свае грошы. Гледзячы на гэтых акрыленых вялікімі задумамі людзей, нельга не захапляцца імі: энтузіясты.
Ну і, відаць, не мелі б усе гэтыя творчыя задумкі такога яскравага ўвасаблення, каб не залатыя рукі сталяроў Мікалая Сцяпанавіча Солада, Івана Якімавіча Сачко, маладога таленавітага рэзчыка па дрэве Андрэя Малікава.
У сваю чаргу, работнікі музея вельмі ўдзячны ўсім людзям, якія ўнеслі свой уклад ў павелічэнне колькасці музейных экспанатаў. Сярод іх Марыя Мікалаеўна Кулецкая, Аляксандр Іванавіч Дарошка, Вера Якаўлеўна Сачко, Галіна Сцяпанаўна Сірацінская.
Частымі сталі ў музеі-сядзібе розныя выставы. Цяпер цікавасць уяўляе выстава абразоў канца XIX — пачатку XX стагоддзя, канфіскаваных Брэсцкай мытняй. Выстаўлена больш 40 экспанатаў, пераважна тэмпернага жывапісу рускай школы.
—У гэтым годзе,— дзеліцца планамі Юрый Каўшыла,— плануем адкрыць гасцёўню з каміннай і кветкавай заламі. Адметна, што інтэр’ер будзе блізкі да таго, што стварыў у свой час былы ўладальнік Валенці Швыкоўскі. У бліжэйшых планах стварэнне выставачнай залы «Залаты россып Пружаншчыны» — пра знакамітых землякоў, гербавай і паляўнічай залаў, сталовай для наведвальнікаў. Праўда, наколькі ўдасца рэалізаваць свае задумкі, пакуль не вядома. Фінансаванне музея слабое…
I ўсё ж акно ў мінуўшчыну з адкрыццём музея-сядзібы ўжо расчынілася. Захапляючае падарожжа ў гісторыю толькі пачынаецца.

РБ 2000.23.05

Продолжить чтениеПАЛАЦЫК АДКРЫВАЕ АКНО Ў МІНУЎШЧЫНУ

ЗАЗЗЯЛА ЗОРКА ПАЛАЦЫКА

Алег СІДАРЭНКА

Рэстаўрацыя Пружанскага палацыка пад краязнаўчы музей пачалася яшчэ ў 1992 годзе. I вось мінулым летам ён быў упершыню адкрыты для наведвальнікаў. Падставай паслужыла выстава прадметаў кітайскай народнай творчасці, якая размясцілася на першым паверсе. Напачатку 2000 года адкрыўся другі паверх, з часам плануецца скарыстоўваць усю плошчу.

Зараз на першым і другім паверхах музея дзейнічаюць этнаграфічная зала, дзе размешчана выстава канфіскаваных мытняй праваслаўных ікон канца XIX пачатку-ХХст.ст., і выстава карцін нашага земляка Д.Якуцэні.

Фота Аляксандра МЕЛЕША.

РБ 15.01.2000

Продолжить чтениеЗАЗЗЯЛА ЗОРКА ПАЛАЦЫКА

Свет карцін Дзмітрыя Якуцэні

Другі тыдзень у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» праходзіць выстава работ мастака Дзмітрыя Якуцэні, члена Санкт-Пецярбургскага аддзялення Саюза мастакоў Расійскай Федэрацыі.
На выставе прадстаўлены 43 яго палотны. У сваёй творчасці мастак працягвае і развівае традыцыі рускай рэалістычнай школы жывапісу.
Дзмітрый Васільевіч Якуцэня нарадзіўся ў 1951 годзе ў в.Кавалі нашага раёна. У 1971 годзе ён пераязджае ў Ленінград і прафесіянальна вывучае жывапіс у Малявальных класах пры Акадэміі мастацтваў, а потым вучыцца ў інстытуце мастацтва. Пасля яго заканчэння — выкладанне ў мастацкай школе, праца дызайнерам, самастойная творчая дзей насць. 3 1987 года прымае ўдзел у буйных мастацкіх выставах. У 1991 годзе прыняты ў Саюз мастакоў СССР.
Сёння мы маем магчымасць паг лядзець творы нашага земляка, пашырыць свой унутраны духоўны свет.
Запрашаем вас наведаць выставу Дзмітрыя Якуцэні кожны дзень (акрамя панядзелка) з 11.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 гадзін.

Юрый Зялевіч,
ст.навуковы супрацоўнік музея

РБ 1999.4.12.

Продолжить чтениеСвет карцін Дзмітрыя Якуцэні

ПРЫГОЖА, трывала, на вякі. Нацыянальная спадчына

Ужо даволі працяглы час вядуцца работы па рэстаўрацыі помніка гарадской сядзібы, ці так званага Пружанскага палацыка. Наведвальнікі гарадскога парку з задавальненнем могуць адзначыць: адноўлены помнік дойлідства сапраўды прыемна цешыць вока. Рэстаўратары абяцаюць да наступлення халадоў поўнасцю завяршыць усе ўнутраныя работы. Аднак аб’ём работ вакол будынка яшчэ даволі значны: з выдзяляемых на ўсё больш 3 мільярдаў рублёў асвоена толькі каля палавіны.

     

Як лепш, па-гаспадарску выкарыстаць гзтыя немалыя сродкі? Менавіта на гэтым была засяроджана ўвага членаў раённага каардынацыйнага савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры абмеркаванні пытання аб ходзе рэстаўрацыі гарадской сядзібы. Былі выказаны прапановы аб унясенні змяненняў у праектнае рашэнне па пакрыцці дарожак і агароджы вакол палацыка. Рэстаўратары пагадзіліся зрабіць плітачнае пакрыццё тэрыторыі замест асфальтавага, паставіць каваную агароджу замест звычайнай металічнай сеткі. Праўда, для гэтага хутчэй за ўсё спатрэбяцца дадатковыя сродкі. Аднак і члены камісіі, і будаўнікі былі тут адзінадушнымі: трэба рабіць усе прыгожа, трывала, на вякі.
Мяркуецца ў наступным годзе пачаць рэстаўрацыю флігеля гарадской сядзібы, каб затым аддаць яго пад Дом рамёстваў.

РБ 1998 11.08.

Продолжить чтениеПРЫГОЖА, трывала, на вякі. Нацыянальная спадчына

СУСТРЭЧА НА МАЛОЙ РАДЗІМЕ

Цэлы месяц у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» праходзіла выстава твораў брэсцкага мастака Іосіфа Крупскага. Гэта першая выстава на малой радзіме мастака, бо сам ён з вёскі Куплін Пружанскага раёна.

  
Іосіф Крупскі

На выставе было прадстаўлена дваццаць яго карцін — выставачная зала музея змагла ўмясціць толькі гэту колькасць палотнаў, бо творчасць мастака, у асноўным, звязана з манументальна-дэкаратыўным жывапісам. Некаторыя палотны займалі вялікую плошчу сцен і асабліва прыцягвалі цікавасць наведнікаў — гэта ўжо вядомыя «Вёска майго дзяцінства», «Лён», «Невядомыя салдаты». Былі таксама некалькі партрэтаў — » Ля вакна» (М.Арэхаўскі), «Сын», «Час паэзіі» (партрэт жонкі мастака), «Партрэт пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка».
Асобнае месца на выставе займалі лірычныя пейзажы — «Подых вясны», «Возера», «Пружанскія балоты», «Дуб-волат», «Вячэрні Брэст».

   
На выставе.

Наведнікі парознаму адгукаліся аб выставе, было многа творчых людзей, нават з замежжа, дэлегацыя з Канады; увогуле выстава спадабалася ўсім.
Зараз Іосіфу Рыгоравічу — 66 гадоў, ён, як і заўсёды. поўны сілаў і натхнёна працуе, у яго шмат задумак. Гэтай выставай мастак пазнаёміў родную Пружаншчыну са сваёй творчасцю і ў будучым, на сваё 70-годдзе, прапанаваў зрабіць больш шырокую выставу і ахапіць больш накірункаў сваёй творчасці.
Пажадаем Іосіфу Рыгоравічу творчых поспехаў і здзяйснення яго новых праектаў.

Юрый ЗЯЛЕВІЧ,
старшы навуковы супрацоўнік
музея-сядзібы ‘Пружанскі палацык».

Культура №36 915.09.2000 стр.10

Продолжить чтениеСУСТРЭЧА НА МАЛОЙ РАДЗІМЕ

ПРУЖАНСКІ ПАЛАЦЫК

Кожнаму, хто часам будзе ў г.Пружаны (Брэсцкая вобласць), шчыра раю наведаць гарадскі парк — любімае месца адпачынку жыхароў горада і гасцей. Там адна з пешаходных сцяжынак прывядзе вас да вельмі цікавай пабудовы з нязвыклым выглядам, да гарадской сядзібы, ці так званага «Пружанскага палацыка». Пабудаваны ён на паўночнай ускраіне горада паводле праекта архітэктара Ф.Ланчы (1799 — 1875), італьянца, які большую частку свайго жыцця пражыў у Польшчы. Гэта быў таленавіты і высокаадукаваны спецыяліст, вядучы архітэктар Царства Польскага, Прамых доказаў удзелу Ланчы ў будаўніцтве «палацыка» няма, але тое, што аўтар праекта карыстаўся асноўнымі прыёмамі і прынцыпамі Ф.Ланчы, якія былі распрацаваны ім для пабудоў такога роду, гэта факт. «Пружанскі палацык» з’яўляецца ўзорам гістарызму першай паловы XIX стагоддзя, яго найбольш цікавай разнавіднасці — раннерэнесанснай італьянскай сялянскай вілы. Ансамбль сядзібы ўключае мураваны дом, да якога з боку горада вядзе шырюкая алея, і два мураваныя флігелі па баках ад яго, а таксама парк пейзажнага тыпу. Сядзібны дом складаецца з двух рознавялікіх аб’ёмаў, аб’яднаных аднапавярховым корпусам Да заходняга кампактнага двухпавярховага аб’ёму з эркерам прылягае квадратная вежа — аднапавярховая прыбудова з паўкруглай верандай.
Усходні аб’ём Г-падобны, двухпавярховы корпус, тарэц якога выступае на паўднёвым фасадзе невялікім рызалітам, завершаным шчытом, Усе аб’ёмы маюць пакатыя дахі. 3 боку паўночнага фасада, арыентаванага на парк, — вялікая тэраса з перакрыццем на дзвюх калонах. Аконныя праёмы пабудовы прамавугольныя, з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Планіроўка «палацыка» анфіладная. Інтэр’ер аздоблены ляпнымі прафіляванымі карнізамі, камінамі. Першы і другі паверхі «палацыка» звязаны паміж сабой вузкімі драўлянымі лесвіцамі. У 1843 годзе гаспадаром палацыка становіцца Валенцый Швыкоўскі. Тут яны жывуць разам з жонкай, шляхцянкай Ашмянскага павета Гермініяй Важынскай. Шлюб іх быў бяздзетны. У 1854 годзе Швыкоўскага выбіраюць маршалкам Пружанскага павета. За садзейнічанне паўстанню 1863 года ўся яго маёмасць была секвестравана, а сам ён 4 гады правёў за мяжой: жыў у Бельгіі, Францыі, Італіі. У 1867 годзе выгнанніку пашчасціла вярнуцца ў свой маёнтак, дзе ўвесь гэты час жыла яго жонка. Гэта даволі рэдкі выпадак, калі маёнтак вярнулі яго ранейшаму ўладальніку. V 1888 годзе памірае жонка В.Швыкоўскага. Ён сам жыве ў сядзібе яшчэ сем гадоў, займаецца гаспадаркай, а потым прадае маёнтак графіні В.В.Кляйнміхель. Апошнія гады жыцця пружанскі маршалак праводзіць у Варшаве, дзе і памірае ў 1900 годзе, пражыўшы З гады. Пахаваныя Швыкоўскія на каталіцкіх могілках у г.Пружаны, іх сціплая магіла захавалася да нашага часу У 1920-1930ыя гады «палацык» займала павятовае стараства. Пасля вайны ў будынку размяшчалася доследная станцыя, дзіцячы садок, стаматалагічная паліклініка. Пасля рэстаўрацыі цяпер тут знаходзіцца музей. Наперадзе яшчэ вялікая работа, але ўжо сёння музей прымае наведнікаў. У іх ёсць магчымасць пазнаёміцца з выставай абразоў канца XIX — пачатку XX стагоддзя і этнаграфічнай экспазіцыяй. У будучым плануецца адкрыць залы, прысвечаныя гісторыі і культурнай спадчыне Пружаншчыны, залу, дзе будзе прадстаўлена прырода-паляўнічая тэматыка, геральдыка. Гэта пакуль адзіны музей былой сядзібы ў Брэсцкай вобласці.

Раіса ЗІНЧУК, галоўны
захавальнік фондаў музея-сядзібы

Культура 2000.22.04. №16

Продолжить чтениеПРУЖАНСКІ ПАЛАЦЫК

Пружанскі палацык взвращается из забытья

Заря .1999.28 августа

 
Уникальный музей создается нынче в Пружанах. Реставрировано старинное здание, построенное в середине XIX века в стиле итальянской виллы, общей площадью около тысячи квадратных метров. Сейчас под патронажем Министерства культуры Беларуси идет сбор предметов быта, мебели, всевозможных аксессуаров тех давних лет. Работы по созданию музея «Пружанскі палацык» могла бы производиться и более быстрыми темпами, однако не хватает денег. А ведь здесь, кроме музея, можно создать и уникальный культурный центр, место для проведения встреч творческих людей. Это, видимо, тот самый случай, когда коммерсанты и бизнесмены, любящие культуру и ценящие наследие наших предков, могут проявить себя и помочь городу Пружаны воссоздать этот уникальный уголок истории.
На снимках: фрагмент здания отреставрированной усадьбы; в музей прибывают экспонаты. Ими всегда довольны директор музея Юрий Ковшило и научный сотрудник Ирина Якман; воссоздается внутренний интерьер усадьбы: рядом с «Пружанскім палацыкам» обрел свое новое место дохристианский идол, найденный около деревни Бутьки Пружанского района.
Эдуард КОБЯК. Фото автора.

Продолжить чтениеПружанскі палацык взвращается из забытья

Далёкі Кітай СТАЎ БЛІЖЭЙ

Раённыя Будні 1999 26.06.

Мікола АНТОНАЎ,
Аляксандр МЕЛЕШ (фота)
ЗДАЕЦЦА, наш райцэнтр займеў такое месца, дзе не сорамна прымаць гасцей самага высокага рангу. Адрэстаўрыраваная сядзіба былога маршалка Пружанскага павета Валенція Швыкоўскага — цяпер гэта ўжо музей-сядзіба «Пружанскі палацык» — зноў нарэшце адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў. I адбылося гэта ў мінулую нядзелю, 19 чэрвеня. Нагода была выбрана не другарадная, магчыма, нават унікальная для правінцыйнага гарадка — адкрыццё выставы традыцыйнага жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кітая, Таму і атмасфера сярод запрошаных была адпаведная урачыста-прыўзнятая. На гэта настройвала і прыгажосць адноўленага будынка, і музыка ў выкананні народнага ансамбля народных інструментаў 1(кіраўнік І.Багамолава), і чароўныя спевы народнага камернага хору пад кіраўніцтвам А. Драбышэўскага
Ды і факт прысутнасці на адкрыцці выставы высокай госці — Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі ў нашай краіне спадарыні У Сяоцю ў суправаджэнні двух супрацоўнікаў пасольства таксама надаваў гэтай падзеі асаблівую значнасць.
Доўгіх і высокіх прамоў не казалі. Дырэктар музея-сядзібы Юрый Каўшыла, прывітаўшы гасцей, коратка нагадаў гісторыю палацыка і адзначыў важнасць яго для сённяшняга культурнага жыцця горада.
Спадарыня У Сяоцю прызналася, што была прыемна ўражана ад убачанага на Пружаншчыне, ад клопату, які праяўляецца тут да захаванасці гістарычнай спадчыны. Пасол падзякавала арганізатарам выставы за магчымасць пазнаёміць беларусаў з творчасцю яе народа і выказала ўпэўненасць, што гэтая сціплая калекцыя твораў мастацтва стане толькі першым крокам да больш шырокага знаёмства з Кітаем.
У прамове ў адказ старшыня райвыканкама А.І.Юркевіч падзякаваў высокім гасцям . за наведванне раёна і дадзеную нашым жыхарам магчымасць увачавідкі дакрануцца да культуры далёкай краіны. Хочацца спадзя- вацца, адзначыў ён, што сённяшняя падзея дасць новы імпульс развіццю сяброўскіх уза емаадносін двух народаў.
Такіх думак прытрымліваецца і сакратар абласнога камітэта Беларускага саюза моладзі Аляксандр Жук — адзін з галоўных арганізатараў гэтай выставы. Ён паведаміў пры сутным, што менавіта дзякуючы абкаму БСМ удалося зрабіць гэтую выставу перасоўнай: калекцыю твораў кітайскіх мастакоў паглядзелі жыхары яшчэ трох раёнаў Брэстчыны. I вось усе прысутныя ўзнімаюцца на другі паверх. Спадарыня У Сяоцю і А.І.Юркевіч пераразаюць чырвоную стужку — шлях да экспазіцыі адкрыты. Першую экскурсію правёў супрацоўнік музея-сядзібы Юрый Зялевіч, правеў з веданнем справы. Нават пасол выказала захапленне яго дасведчанасцю Наўрад ці варта пераказваць, што ўяўляе сабой выстава. Гэта проста трэба бачыць. А паглядзець і пазахапляцца сапраўды ёсць чым. Чаго варты, напрыклад, толькі твор «кітайскага Ляўшы» — малюнак парку Пекіна на…зрэзе рысавага зярняці.
P.S. НАГАДВАЕМ вам, шаноўныя чытачы, што — выстава кітайскай творчасці ў Пружанскім палацыку працуе кожны дзень да 4 ліпеня (уключна) з 9.00 да 13.00 І з 15.00 да 19.00 гадзін. Кошт білета ну проста смешны: для дарослых 50 тысяч рублёў, для дзяцей I членаў БСМ — 25 тысяч, калектыўная экскурсія — 250 тыс. рублёў.
I яшчэ немалаважная акалічнасць: усе сродкі, сабраныя ад выставы, пойдуць на добраўпарадкаванне музея-сядзібы «Пружанскі палацык». Заслугоўвае ўдзячнасці высакародны ўчынак райкама БСМ, які вырашыў сваю долю (50%) грашовага збору аддаць на патрэбы музея.

Продолжить чтениеДалёкі Кітай СТАЎ БЛІЖЭЙ